У першай частцы — экспазіцыі — аўтар гаворыць пра час дзеяння. Гэта
зімовая ноч, пара прывідаў, чараў, «нямых загавораў», «салодкага
магільнага сну».
Ажывае старое замчышча: іскрыстым святлом заліты
палац князя, залататканымі абрусамі засланы дубовыя сталы, вакол іх —
«дружына вольная». Тут «духі мінулага куццю на старасвецкі лад
спраўляюць». На беласнежны пасад усходзіць князь з князёўнай. Князь
гаворыць, што толькі раз у год ім дазволена збірацца на «падмурках гэтых
сцен», іншыя людзі занялі іх пасад і «багі другія верх бяруць» у краі.
Ён хоча даведацца, як і чым жывуць нашчадкі, ці захавалася сувязь паміж
мінулым і сучаснасцю. Загадвае паклікаць ганцоў, пасланых у свет жывых.
Першы
ганец «у руцэ меў светач, што на здзіў усюды зводзіў цені». Ён тройчы
абышоў край. I хоць там «усё той самы лад, з вачэй не зняты йшчэ
павязкі», людзі, «сляпым замораныя сном», пацягнулі да святла худыя
рукі. Другі ганец трымаў лук і стрэлы. Ён таксама сведчыў, «што яны
ўсе... жывы». Жыхары краю «валочаць ёрмы за сабою», але калі ганец
«чапнуў стралой аб лук», сотні крэпкіх рук пацягнуліся да яго зброі.
Трэці ганец, з гуслямі на грудзях, даў князю такі адказ:
...Торг усё ідзе Над іх душою патаптанай; Яны, як цені, ў грамадзе Маўчаць і йдуць на пір паганы. А як ударыў па струне, Замітусіліся, як пчолы, I на гарэ і нізіне Мне падавалі голас кволы.
Князь робіць вывад, што «не ўмруць ужо яны, раз хочуць сонца, славы, песні». Загадвае ганцам кожны год абыходзіць край.
Гуслямі, лукам і святлом Будзіце, клічце і свяціце... Каб сон іх счэз і ўсталі жыці.
Ён
падымае чарку за мінулае, за сучаснасць, за будучыню. Шуміць за сталом
бяседа, ясней разгараецца паходня, нацягваецца лук, ракочуць гуслі. Іх
розгалас нясецца на ўвесь «бел-свет». Але апоўначы старое замчышча
замірае, як і раней гэта дзікая пустка. «Быў тут хто або не быў, — і так
і гэтак мала веры», — гаворыць аўтар у апошніх радках твора.
Мастацкія асаблівасці
Сюжэт
паэмы «На куццю» (1911) умоўна-фантастычны. Падзеі адбываюцца ў
калядную ноч, калі варожаць, загадваюць на будучыню (на новы ўраджай,
гаспадарку, сямейны дабрабыт і г.д.). Па народных павер'ях — душы
продкаў з'яўляюцца ў гэты свет і далучаюцца да жыцця блізкіх людзей.
Такім чынам, творчая фантазія Я. Купалы адштурхоўвалася ад старажытных
уяўленняў народа. У творы куццю «на старасвецкі лад спраўляюць» духі
мінуўшчыны.
Каб зразумець ідэйны змест твора (што аўтар хацеў
сказаць узноўленай карцінай), неабходна расчытаць сімвалічныя вобразы.
Здзічэлае разбуранае старое замчышча — гэта далёкае мінулае беларусаў,
іх гісторыя, забытая і вытручаная з памяці жыхароў краю. «Духі
мінуўшчыны» — князь, ганцы — носьбіты колішняй славы, моцы, велічы.
Князь — гаспадар і ўладар сваёй зямлі, свайго народа — увасабленне
мудрасці і патрыятызму. Калі меркаваць па апісаннях знешняга выгляду і
зместу маналогаў, то першы ганец — асветнік, другі— воін, трэці —
гусляр. Сімвалічнымі вобразамі ганцоў аўтар гаворыць, што ў даўнія часы
нашу зямлю на ўвесь свет праславілі асветнікі, вучоныя
адраджэнцы-рэфарматары, такія, як Ефрасіння Полацкая, Ф. Скарына, С.
Будны, Л. Сапега і інш., што беларускія воіны вызначыліся ў многіх
бітвах і маглі абараніць незалежнасць дзяржавы, што народ і яго
таленавітыя сыны стварылі вялікае мастацтва.
Аднак Я. Купала
імкнуўся не толькі выклікаць пачуццё гонару за мінулае роднай зямлі. Ён
верыў, што асвета, навука, культура, мастацтва змогуць адрадзіць край, а
ваяцкая доблесць і мужнасць абараніць яго ад чужынцаў. Таму і павінны
ганцы кожны год абыходзіць народ, «будзіць, клікаць і свяціць».
Як
і ў многіх іншых творах, у паэме «На куццю» Я. Купала супрацьпастаўляе
велічнае мінулае нецікавай запрыгоненай сучаснасці. Аднак поруч з гэтым
ён паказвае іх сувязь. Князь хоча бачыць свой край адроджаным. Ганцы
прыносяць доказы таго, што ў цёмнай, заняволенай, знямелай грамады ёсць
імкненне да «сонца, славы, песні». «На дзеле — кожны йшчэ слугой, у
думках — вольныя ўжо людзі», — такімі бачыць сваіх далёкіх нашчадкаў
князь. Маналог князя (IX раздзел) — гэта гімн адраджэнню Бацькаўшчыны:
Не ўмруць, не ўмруць ужо яны, Раз хочуць сонца, славы, песні; Заб'юць ім зычныя званы Прабудным звонам напрадвесні. Сваёй забранай старане, Скаванай мучаніцы-княжне, Узнясуць пасад на кургане На панаванне недасяжна.
Я.
Купала верыў у адраджэнне, аднак ён разумеў, што шлях да яго няпросты і
нялёгкі. Таму ў апошнім раздзеле паэмы з'яўляецца вобраз
замчышча-пусткі.