У пачатку твора апісваецца старажытны курган. З ім звязана наступнае паданне.
Шмат
гадоў назад «на гары на крутой» стаяў «белы хорам», у якім жыў князь
«недаступны і грозны». Ён «спуску і ласкі не знаў непакорам».
Аднойчы
была ў князя вялікая бяседа. На вяселле князевай дачкі з'ехалася шмат
знатных гасцей. На трэці дзень «князь прыдумаў адну для дружыны
пацеху-забаву», загадаў паклікаць старога гусляра.
Пасадзілі гусляра «на ганку, між клёнаў і ліп». Невыдумная світка — убор на плячах, Барада, як снег белы — такая, Незвычайны агонь у задумных вачах, На каленях ляглі гуслі-баі. Князь загадвае гусляру іграць: Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям — Поўны гуслі насыплю дукатаў; Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам — Канапляную возьмеш заплату.
Заіскрыліся
вочы гусляра і заплакалі пад яго рукамі «струны жывыя». Гусляр
гаворыць, які ні моцны князь, а дум ланцугамі не скуе. Ён нагадвае
князю, колькі людзей стогнуць і плачуць вакол яго харомаў і ў лёхах пад
імі. На золаце князя блішчыць чалавечая кроў, а брыльянты — «цёртая
сталь ад кайданаў».
Князь нейкі час маўчаў, думаючы, як пакараць гусляра. Загадаў: Узяці старца і гуслі жыўцом у зямлю! Знае хай, хто тут пан: я — ці неба!
Закапалі
старога гусляра. «Не часалі дамоўкі яму сталяры, не заплакалі бліжнія
вочы». А хорам князя «гудзеў, не маўчаў, шалы, музыка ў такт рагаталі».
На тым месцы, дзе быў закапаны гусляр, вырас дуб. Людзі кажуць, што раз у год выходзіць з кургана з гуслямі Дзед I ўсё нешта пяе, што жывым не паняць, I на месяц глядзіць, як сам, белы. Калі б хто зразумеў тую песню, то не зазнаў бы гора ніколі.
Мастацкія асаблівасці
«Курган»
(1910) адкрываў цыкл фальклорна-рамантычных паэм Я. Купалы. Аднак у
адрозненне ад «Бандароўны» і «Магілы льва» ў аснове твора — прыдуманая
аўтарам легенда пра гордага непакорлівага гусляра і жорсткага князя.
Тэма паэмы — лес мастака ў класавым грамадстве. Гусляр гіне, але
маральная перамога застаецца за ім. Жыве ў народзе памяць пра яго ўчынак
(сімваламі памяці выступаюць у творы курган на месцы смерці, дуб, што
вырас на кургане).
Канфлікт паэмы звязаны з вобразамі Гусляра і
Князя, якія з'яўляюцца антыподамі. З аднаго боку — незалежнасць,
непадкупнасць, свабодалюбства («Гуслям, княжа, не пішуць законаў: небу
справу здае сэрца, думка мая, сонцу, зорам, арлам толькі роўна»), з
другога — самаўпэўненасць, пыхлівасць, уладарнасць («Знаеш славу маю,
знаеш сілу маю... Князь умее плаціць незвычайна!»). Гусляр і Князь —
сканцэнтрыраванае выяўленне класавых супярэчнасцей у грамадстве. Гусляр
выступае прадстаўніком народа, увасабленнем яго маральнай прыгажосці,
высакароднасці. Вобраз яго ў паэме выразна ідэалізаваны, рамантычна
абагульнены. Князь — носьбіт заган эксплуататарскай вярхушкі.
Кантраснасць вобразаў выяўляецца праз апісанне знешняга выгляду,
паводзін герояў.
Паэма «Курган» стройная па кампазіцыі — як
агульнай, "страфічнай (складаецца з 12 раздзелаў, кожны з якіх у сваю
чаргу мае 4 катрэны), так і звязанай з развіццём дзеяння. Першы раздзел
экспазіцыйны, аўтар апісвае курган, «памятку дзён, што ў нябыт уцяклі». У
заключным раздзеле-эпілозё гаворка зноў вяртаецца да кургана: на ім раз
у год з'яўляецца «белы, як лунь», стары з гуслямі. Легенда пра гусляра
расказваецца ў асноўнай частцы твора.